МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.

Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.​Бах, І.​Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.​Патулаў, Н.​Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.​Ягудкін, І.​Гапенка, В.​Васільеў, альт — М.​Фідэльман і А.​Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.​Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ва адносяцца да 1917.

А.​Л.​Капілаў, В.​П.​Пракапцова.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)